"ЭЎРАВІЗІЯ" – ТРЭШ ВІДЭА!

Песня "Эўравізія" здзівіць і збянтэжыць нават сталых
прыхільнікаў "Крамбамбулі" – гэта 100-працэнтнае
мінімалістычнае трэш-дыска, запісанае з дапамогай
старэнькага сінтэзатара Kurzweil. Тэкст кампазіцыі
цалкам адпавядае яе аранжыроўцы: "А я спяваю так
афігіцельна, што я паеду на Эўравізію".

Лявон Вольскі сцвярджае, што песня прыйшла да яго ў
сне. "Мне прымроілася, што я прымаю ўдзел у
адборышчы на "Еўрабачанне". У пафасным белым
гарнітуры, з напаўаголенымі танцоркамі і спяваю нешта
павольнае, у манеры Мікалая Баскава, а яны
каўбасяцца, як на рэйве, – распавядае спявак. – Я
прачнуўся сярод ночы ад уласнага смеху!"

Здымала кліп брыгада маладых мінскіх аніматараў на
чале з рэжысёрам Яўгенам Новашам, працы якога
трапілі да Вольскага праз знаёмых. "Мне падалося, што
іх чорны гумар і трэш-манера вельмі пасуюць да гэтага
матэрыялу, – тлумачыць Лявон. – Асабліва ўсе гэтыя
псеўдажахі з таматным соусам".

Рэжысёр кліпу Яўген Новаш прызнае, што базісам для
кліпу сталі ўласныя эмоцыі ад штогадовага гармідару
вакол "Еўрабачання". "Ведаеце, калі я чую пра ўсе гэтыя
скандалы з адборышчамі ў нас і ў іншых краінах, мне
часам здаецца, што там сапраўдныя бойкі ідуць, толькі
іх ніхто не паказвае. Мы паспрабавалі павыдумляць на
гэтую тэму, – гаворыць Яўген. – Наогул, мне здаецца,
што пра "Еўрабачанне" можна поўнаметражны фільм
жахаў здымаць. Будзе круцей за "Крык"!".

 
 

Высокая якасць (32 Mb) - спампаваць
Нізкая якасць (17 Mb) - спампаваць

 

 

на галоўную